ХВАСТА́ТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ (Caudata, або Urodela),

атрад земнаводных. 8—9 сям., да 350 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і, асобныя ў Паўд. Амерыцы і Афрыцы. Многія жывуць у вадзе (некат. ў перыяд размнажэння) або на сушы, дрэвах. На Беларусі 2 віды трытонаў. 19 відаў у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. звычайна 10—30 см, рэдка да 1,8 м (гіганцкія саламандры). Цела прадаўгаватае, паступова пераходзіць у добра развіты хвост (адсюль назва). Скура голая. Ногі кароткія, 3-, 5-пальцыя, у некат. слабыя або часткова рэдукаваныя. Грудны пояс храстковы. Апладненне пераважна ўнутр., без спароўвання, асобным відам характэрна неатэнія. Размнажаюцца ікрой, некат. жыва- ці яйцажывародныя. Развіццё з метамарфозай. Маюць здольнасць да рэгенерацыі. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Іл. гл. да арт. Амбістомы, Амфіумы, Земнаводныя, Пратэі, Саламандравыя.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 16, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)